ПАТО́ЧНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

метад арганізацыі будаўнічай вытворчасці, пры якім тэхналагічны працэс падзяляецца на састаўныя часткі, што выконваюцца брыгадамі (звеннямі) пастаяннага складу. Пры П.б. аб’екты разбіваюцца на секцыі, пралёты, паверхі, часткі памяшканняў і збудаванняў; комплекс буд. мантажных работ расчляняецца на цыклы. Кожная брыгада спецыялізуецца на выкананні пэўнага цыкла работ і аснашчаецца адпаведнымі машынамі, механізмамі, прыстасаваннямі. Скончыўшы работу на адным участку брыгада пераходзіць на наступны, а на яе месцы інш. брыгада выконвае работы па сваёй спецыялізацыі. Такі метад дае найб. поўнае сумяшчэнне работ у часе, высокія і ўстойлівыя тэмпы буд-ва.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)